<?xml version="1.0" encoding="UTF-8"?>
<FictionBook xmlns="http://www.gribuser.ru/xml/fictionbook/2.0" xmlns:xlink="http://www.w3.org/1999/xlink">
    <description>
        <title-info>
            <genre>antique</genre>
                <author><first-name>Джон</first-name><last-name>Глендэй</last-name></author>
            <book-title>Святасць блюзнерства</book-title>
            
            <lang>en</lang>
            
            <sequence name="№18 “Некаторыя любяць паэзію”" number="1" />
        </title-info>
        <document-info>
            <author><first-name>Джон</first-name><last-name>Глендэй</last-name></author>
            <program-used>calibre 2.56.0</program-used>
            <date>26.7.2017</date>
            <id>5d3035a0-def0-44db-a6be-ba90eb9e2bc8</id>
            <version>1.0</version>
        </document-info>
        <publish-info>
            <publisher>prajdzisvet.org</publisher>
            <year>0101</year>
            
        </publish-info>
    </description>
<body>
<section>
<p><strong>Джон Глендэй</strong></p>

<p><strong> </strong></p>

<p><strong>Святасць блюзнерства</strong></p>

<p><emphasis>Вершы</emphasis></p>

<p><strong>Кніга роду</strong></p>

<p>(Genesis)</p>

<p>Аб’яднаная матэрыялісцкая царква вызнае,</p>

<p>што кожнае імгненне Бог знішчае сусвет,</p>

<p>адно каб уміг аднавіць, змененым і бяспамятным.</p>

<p>Усё, ад нашай бясформеннасці спачатку</p>

<p>да апошняга сполаху святла, сведчыць</p>

<p>пра гэты бясконцы доказ Яго любові.</p>

<p>Іх Біблія складаецца толькі з адной кнігі,</p>

<p>прадказальна названай "Кніга роду".</p>

<p>Там гаворыцца пра дзіўны куст, што згарае</p>

<p>у жахлівым улонні цішы, і пра страчаны сад,</p>

<p>дзе няма ані яблыкаў, ані змея,</p>

<p>дзе аголеныя з нявіннымі чакаюць і спадзяюцца.</p><empty-line /><p><strong>Казка</strong></p>

<p>(A Fairy Tale)</p>

<p>Яна жыла доўга і шчасліва,</p>

<p>вальсуючы па ўяўных залах у абдымках</p>

<p>прыгожага маладога прынца. Аднойчы яны</p>

<p>цалуюцца ўпершыню, ён забірае прызнанне ў каханні</p>

<p>і абарочваецца раптам нікчэмнай параненай пачварай,</p>

<p>што навісае над ёй, абрастаючы тоўстай шкурай.</p>

<p>Яе калоціць ад ягонага жоўтага подыху і дзікіх белых
вачэй.</p>

<p>Кожную ноч у сваім асобным ложку яна чуе далёкае рэха</p>

<p>неверагодных шаленстваў, якія ператвараюць іх замак</p>

<p>у руіны цёмных пакояў з праклятым заснулым сэрцам.</p>

<p>Урэшце яна разумее яго дастаткова блага, каб спужацца</p>

<p>і вярнуцца пад раскіданым ваўчыным канвоем у абдымкі
хворага бацькі,</p>

<p>які вітае яе журботным "бывай". Яны жывуць</p>

<p>з той пары на дыеце з простай аўсянкі і няпэўных
жаданняў.</p>

<p>Калі мінакі пытаюць яе пра жыццё, яна вальсуе з кошыкам</p>

<p>бялізны ля сэрца з задуменнай усмешкай: "Жылі
сабе..."</p><empty-line /><p><strong>Бляшанка</strong></p><empty-line /><p><strong>
</strong>(Tin)</p>

<p><emphasis>(адкрывалку для кансерваў вынайшлі праз 48 гадоў пасля
бляшанкі)</emphasis></p>

<p>Калі ты папрасіла напісаць верш пра каханне,</p>

<p>(яшчэ адзін верш пра каханне), я адразу ж</p>

<p>падумаў пра першыя крокі</p>

<p>кансервавай прамысловасці —</p>

<p>усе тыя назвы, дзіўна знаёмыя з дзяцінства:</p>

<p>Del Monte, Green Giant, Fray Bentos, Heinz.</p>

<p>Я падумаў пра Франкліна і яго атручаную каманду,</p>

<p>іх ціхі дрэйф на паўночны захад праз поўнач</p>

<p>да ўласных магіл, выдзеўбаных у сланцы,</p>

<p>і падумаў пра першую бляшанку з персікамі,</p>

<p>якая ззяла на пыльнай паліцы ў каморы,</p>

<p>нібы яшчэ не адкрыты радый —</p>

<p>самую першую бляшанку з персікамі</p>

<p>у свеце, да якой паўстагоддзя</p>

<p>цягнуліся мае пальцы.</p><empty-line /><p><strong>Каўчэг</strong></p>

<p>(Ark)</p>

<p>Няўжо мы напраўду паверылі,</p>

<p>нібы наша любоў зможа выжыць</p>

<p>на чоўне, нечым такім для нас</p>

<p>збудаваным з гнілога кедра,</p>

<p>прасмоленым, пакрытым саломай,</p>

<p>не маючы побач нікога, апроч нас саміх, —</p>

<p>ні крумкача, які б узлятаў у дождж,</p>

<p>ні голуба, які б вярнуўся з галінкай?</p><empty-line /><p><strong>Пейзаж з чалавекам у паветры</strong></p>

<p>(Landscape with Flying Man)</p>

<p>Я чытаў, што яму далі крылы.</p>

<p>Бацька прыладзіў іх, каб перанесці яго прэч.</p>

<p>Яны трымалі яго паўдарогі дамоў, а пасля ён упаў.</p>

<p>І ўпаў ён не таму, што ляцеў,</p>

<p>а таму што так палюбіў лётаць. Разумееш,</p>

<p>не гонар, не гравітацыя, а любоў</p>

<p>цягне нас уніз да гэтага свету.</p>

<p>Любоў забяспечвае нас крыламі, і потым яна ж</p>

<p>будзе сачыць, як мы тонем.</p>

<p>Душа здзяйсняе шмат пералётаў, сэрца — толькі адзін.</p><empty-line /><p><strong>Незнаёмец</strong></p>

<p>(Stranger)</p>

<p>Сёння я — новы чалавек,</p>

<p>незнаёмец у горадзе, які мне надакучыў.</p>

<p>Як проста ператварыцца ў здань —</p>

<p>адно толькі слова, адзін жэст, і мы слізгаем</p>

<p>праз вычварнае вязьмо чужых жыццяў</p>

<p>гэтак жа лёгка, як вада праз камень.</p>

<p>Толькі сёння, калі б я сустрэў сябе на вуліцы,</p>

<p>я б нават не павітаўся і не прыўзняў бы капелюша.</p><empty-line /><p><strong>Вітрувіянскі чалавек</strong></p>

<p>(Vitruvian Man)</p>

<p>Аднойчы я паспрабаваў</p>

<p>правесці контуры душы,</p>

<p>але ўсё, што я змог накрэсліць, —</p>

<p>дрыготкае блакітнае сонца,</p>

<p>раздзьмутая хмарка з коміксаў,</p>

<p>нуль вышынёй з мяне,</p>

<p>і гэта адразу нагадала мне</p>

<p>круг, які ён апісаў аднойчы</p>

<p>узмахам сепіевых рук,</p>

<p>калі выцягнуў іх за межы</p>

<p>нерата ўласнага цела,</p>

<p>схапіўшы аберуч пустэчу.</p><empty-line /><p><strong>Чалавек, якога любілі пацукі</strong></p>

<p>(The Man Rats Loved)</p>

<p>Гэта нават сапраўднай мелодыяй не было:</p>

<p>проста некалькі рэзкіх гукаў, якія ты выціснуў для
суцехі,</p>

<p>пакуль важна крочыў скрозь маё дзяцінства</p>

<p>(але ж які горад убогі), апрануты напалову як маці,</p>

<p>напалову як бацька, і ніводная з паловаў не сядзела як
след.</p>

<p>Я табе не паверыў, але ўсё роўна пайшоў, надта</p>

<p>прагнучы выпрабаваць уласны лёс, куды б ты ні павёў:</p>

<p>няхай сабе ў пячору ці ў штораз гучнейшую раку.</p><empty-line /><p><strong>Складаны колер</strong></p>

<p>(A Difficult Colour)</p>

<p>Уяві яго так:</p>

<p>падарожжа па моры. Ты выцягнуў</p>

<p>човен на гальку на ноч.</p>

<p>Вада злёгку мігціць.</p>

<p>Нехта ўказвае ў морак. Воддаль</p>

<p>на пагорку паляць фальваркі.</p>

<p>Зноў пачынаецца дождж, але ціха,</p>

<p>каб не парушыць святасць блюзнерства.</p>

<p>Ты стаіш і глядзіш, як дрыжаць</p>

<p>на вадзе блікі.</p>

<p>Ён — такі.</p><empty-line /><p><strong>А цяпер чытай</strong></p>

<p>(Now Read On)</p>

<p>чытай ніколі</p>

<p>нікім не запісанае,</p>

<p>шчырую хлусню,</p>

<p>нахабную праўду,</p>

<p>усе цішы, сабраныя</p>

<p>у кроплі атраманту,</p>

<p>што пазначае мяжу</p>

<p>паміж гэтым сказам</p>

<p>і тваім жыццём.</p>

<p>            <emphasis>пераклад з ангельскай </emphasis>— Андрэй Вылінскі<emphasis></emphasis></p>

<p><emphasis>Copyright © John Glenday
1995-2009 </emphasis></p><empty-line /><p><emphasis>
</emphasis></p><empty-line /><p><emphasis>
</emphasis><emphasis>Пер</emphasis><emphasis>a</emphasis><emphasis>кл</emphasis><emphasis>a</emphasis><emphasis>ды</emphasis><emphasis> </emphasis><emphasis>зробленыя</emphasis><emphasis> </emphasis><emphasis>п</emphasis><emphasis>a</emphasis><emphasis>водле</emphasis><emphasis> John Glenday.</emphasis><emphasis> Grain. Picador,
2009, a тaксaмa aсaбістaгa сaйтa
aўтaрa. </emphasis></p><empty-line /><p><emphasis>
</emphasis></p><empty-line /><p><emphasis>
</emphasis><emphasis>Пераклады</emphasis><emphasis> </emphasis><emphasis>вершаў</emphasis><emphasis> Genesis, A Fairy Tale, Tin, Ark, Landscape with
Flying Man, Stranger, Vitruvian Man, The Man Rats
Loved </emphasis><emphasis>публікуюцца</emphasis><emphasis> </emphasis><emphasis>з</emphasis><emphasis> </emphasis><emphasis>ласкавага</emphasis><emphasis> </emphasis><emphasis>дазволу</emphasis><emphasis> Pan Macmillan, a</emphasis><emphasis>трым</emphasis><emphasis>a</emphasis><emphasis>н</emphasis><emphasis>a</emphasis><emphasis>г</emphasis><emphasis>a </emphasis><emphasis>пры</emphasis><emphasis> </emphasis><emphasis>дапамозе</emphasis><emphasis> PLSclear.</emphasis></p><empty-line />
</section>

</body>
</FictionBook>